23 лютага ў Дзень абаронцаў Айчыны ў Міжэвіцкай сярэдняй школе прайшло спартыўна-забаўляльнае свята: адбылося спаборніцтва паміж дзвюма камандамі хлопчыкаў - "Цімураўцамі" і "Спартанцамі". Мерапрыемства пачалося з прывітання каманд і выканання імі элементаў страявой падрыхтоўкі. Наступны этап быў спартыўны. Хлопчыкам неабходна было выканаць шэраг спартыўных практыкаванняў, пры гэтым паказаць сваю фізічную падрыхтоўку, праявіць хуткасць, вытрымку. Кожная каманда старалася паказаць лепшыя вынікі, а балельшчыкі гучна падтрымлівалі ўдзельнікаў спаборніцтва. Не менш цікавым было заданне апрануць ваеннае абмундзіраванне. Гэта патрэбна было зрабіць прадстаўнікам каманд хутка і якасна. Наступны этап - інтэлектуальны: каманды выбіралі сярод прапанаваных якасцей асобы тыя, якія ўласцівыя абаронцам Айчыны, а таксама суадносілі выявы пагонаў з тымі званнямі, якім яны адпавядаюць. Веданне гісторыі дапамагло камандам справіцца з заданнем, якое патрабавала размяшчэння падзей Вялікай Айчыннай вайны ў храналагічным парадку. З вялікай ахвотай і "Цімураўцы", і "Спартанцы" ўзяліся за прыгатаванне баршчу. З кулінарным конкурсам хлопчыкі справіліся на "ўра". Спаборніцтва завяршылася запаўненнем рэфлексійнага ліста, у якім неабходна было працягнуць выраз "Я гатовы..." Мерапрыемства садзейнічала выхаванню любові да Радзімы і гонару за гераічнае мінулае беларускага народа, усведамленню навучэнцамі сваёй ролі як будучых абаронцаў Айчыны, адказнасці, пачуцця абавязку. Спартыўна-забаўляльнае свята садзейнічала развіццю сілы, спрыту, цягавітасці і каардынацыі навучэнцаў.